Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна прайшла адзіная дыктоўка на беларускай мове.
На чыстым аркушы паперы ўдзельнікі акцыі − вучні, іх бацькі і настаўнікі − няспешна выводзяць словы. Засяроджаныя, яны ўважліва слухаюць настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, каб улавіць кожную дэталь тэксту.
Чыстую родную мову вучаніца дзявятага класа ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Гродно” Марыя Сакалоўская чуе не толькі ў школе на ўроках беларускай мовы і літаратуры, але і дома. У сям’і нават склалася своеасаблівая традыцыя.
− Раз на тыдзень, зазвычай гэта выхадны дзень, з роднымі і блізкімі мы размаўляем выключна па-беларуску. Ініціятарамі такой прапановы калісьці выступілі бацькі, бо лічаць, што ведаць абедзве дзяржаўныя мовы мы павінны на аднолькавым узроўні, − расказвае дзяўчына. − Таму пытанне, прымаць удзел у агульнай дыктоўцы ці не, для мяне нават не стаяла. Тут ніхто не гоніцца за адзнакай. Проста гэта выдатная мажлівасць яшчэ раз атрымаць асалоду ад мілагучнасці мовы, адчуць яднанне з усімі беларусамі.
Разам з тым, тыя вучні, якія справяцца з напісаннем дыктоўкі на выдатна, атрымаюць прыз ад саюза моладзі.
Дарэчы, да рэалізацыі праекта ў ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Гродно” і ДУА “Сярэдняя школа № 26 г. Гродно” далучыўся першы сакратар Гродзенскага гарадскога камітэта ГА “БРСМ” Касіцкі Пётр Ігаравіч:
– Галоўная мэта сённяшняга мерапрыемства − не столькі праверыць арфаграфічныя здольнасці ўдзельнікаў, колькі прывіць жаданне бліжэй пазнаёміцца з роднай мовай, падтрымаць цікавасць да яе вывучэння. Такую пяшчотную, пявучую, вобразную і шчырую павінен ведаць кожны з нас. Беларуская мова – наша нацыянальнае багацце і адрозненне.
У напісанні дыктоўкі ў ДУА “Сярэдняя школа № 26 г. Гродно” прыняла ўдзел і Галайда Ірына Сяргееўна, старшыня камісіі па гераічным і патрыятычным выхаванні моладзі савета ветэранаў Кастрычніцкай раёна г. Гродна.
Адначасова спрабавалі свае сілы ў веданні мовы і ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага. Тэкст дыктанта для бібліятэкараў і чытачоў тут чытала настаўнік беларускай мовы і літаратары ДУА “Сярэдняя школа № 39 г. Гродна” Шаціло Святлана Мікалаеўна.
Марафон мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы, у раёне будзе прадоўжаны: шэраг конкурсаў, віктарын і забаўляльных праграм пройдзе ў кожнай установе адукацыі.
Па матэрыялах газеты “Гродзенская праўда”