11 мая на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы сталі вядомыя імёны 5 лепшых юных чытальнікаў Беларусі – пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Чытаем па-беларуску з velcom”. Сярод іх – Маліка Мірзаліева, вучаніца дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага г. Гродна”.
Да ўдзелу ў конкурсе былі запрошаны вучні VII-VIII класаў з усёй краіны. У рамках першага этапу конкурсу ўдзельнікі размясцілі ў сацыяльных сетках 2048 відэазапісаў з чытаннем твораў беларускіх паэтаў і празаікаў, па выніках якога былі вызначаны па 30 лепшых чытальнікаў ад кожнай вобласці і горада Мінска. У абласных цэнтрах прайшлі рэгіянальныя фіналы, пераможцам якіх былі ўручаны запрашэнні на фінал конкурсу.
Членамі журы рэспубліканскага фіналу сталі вядомыя дзеячы культуры і навукі: пісьменнік, рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы, заслужаная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік, намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктар педагагічных навук Вольга Зелянко, а таксама галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Булаўкіна.
Віншуем Маліку і яе настаўніка беларускай мовы і літаратуры Даўлюд Ерміну Мар’янаўну з бліскучай перамогай!