З 8 кастрычніка 2019 года па 8 сакавіка 2020 ў Беларусі праходзіць сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» – конкурс яскравых ідэй пакалення Z: навучэнцаў 9, 10 і 11-х класаў. На працягу навучальнага года ўдзельнікі праекта маюць магчымасць раcпрацоўваць сваю ідэю, развіваць навыкі публічнага выступлення і самапрэзентацыі, атрымліваць карысныя веды на воркшопах і сустрэчах з экспертамі. 10 фіналістаў праекта, якіх абярэ журы, атрымаюць персанальных ментараў TEDx і з іх дапамогай будуць рыхтавацца да свайго вялікага публічнага выступу на маштабнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk. Менавіта гэтыя 10 фіналістаў выйдуць у знакаміты чырвоны круг TED і прэзентуюць свае ідэі перад вялікай аўдыторыяй. Усе яны атрымаюць прызы – смартфоны iPhone Xs.
Праект «Першыя» цалкам рэалізуецца на беларускай мове, у тым ліку ўсе майстар-класы і публічныя выступы фіналістаў, бо адна з мэтаў гэтага праекта – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы з дапамогай супольнасці TED.
15 лютага 10-класнікі СШ № 39 г. Гродна мелі магчымасць пабываць на трэцім крэатоне “Першыя ідэі: тэхналогіі”, які праходзіў у бізнес-цэнтры “Біржа”, што знаходзіцца па пр. Касманаўтаў у Гродна. Сабралася больш за сотню старшакласнікаў і іх настаўнікаў са школ і гімназій горада.